ГЕ́ЙГЕРАЎСКІ ЛІЧЫ́ЛЬНІК,
Гейгера—Мюлера лічыльнік, газаразрадны дэтэктар радыеактыўных і інш. іанізавальных выпрамяненняў. Вынайдзены ў 1908 Г.Гейгерам разам з Э.Рэзерфардам; удасканалены Гейгерам і ням. фізікам В.Мюлерам. Гама-выпрамяненне рэгіструецца па другасных іанізавальных часціцах (напр., фотаэлектронах, комптанаўскіх электронах; гл. Комптана эфект), нейтроны — па ядрах атамаў аддачы і прадуктах ядз. рэакцый у газе лічыльніка. Выкарыстоўваецца ў фізіцы, біялогіі, медыцыне, археалогіі, геалогіі, тэхніцы.
Рабочы аб’ём Гейгераўскага лічыльніка (газаразрадны прамежак з неаднародным эл. полем) запаўняюць інертным газам (у самагасільных лічыльніках з дамешкай пары спірту або галагенаў) пад ціскам 13—26 кПа. Найб. пашыраны лічыльнікі з кааксіяльнымі цыліндрычнымі электродамі: вонкавы цыліндр (катод) і тонкая нітка ўздоўж яго восі (анод). Эл. імпульсы, што выяўляюцца пры эл. разрадах у лічыльніку, узмацняюцца і рэгіструюцца спец. прыстасаваннем.
А.В.Берастаў.
т. 5, с. 133
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)